«ПО́ЛЬСКІ КАЛІДО́Р»,

частка тэр. Памор’я, якая была ўключана ў склад Польшчы паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. Вузкая (ад 30 да 200 км) паласа зямлі давала Польшчы выхад да Балт. мора, дзе ў сярэдзіне 1920-х г. быў пабудаваны порт Гдыня. Аддзяляў Усх. Прусію ад асн. тэр. Германіі, што было адной з прычын напружанасці ў германа-польскіх адносінах. У самой Польшчы да вызначэння «П.к.» ставіліся адмоўна. У сак. 1939 рэйхсканцлер Германіі А.Гітлер запатрабаваў ад польскага ўрада права будаўніцтва праз «П.К.» экстэрытарыяльных аўтастрад; адмова апошняга стала адной з зачэпак для германскай агрэсіі супраць Польшчы ў вер. 1939.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)